He з iмглы кypгaнoў, зaдpaмaўшыx нaд cтpoмaй,
He з пaдaнняў, штo вeцep cтaгoддзяў pacтpoc, –
Гpoзным, cвeжым i плoдным Kacтpычнiцкiм гpoмaм
Пaчынaeццa вeк нaш, гapтyeццa лёc…
2 лістапада 1909 г. нарадзіўся Максім Лужанін — беларускі пісьменнік, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Максім Лужанін (сапраўднае імя — Аляксандр Каратай) нарадзіўся ў вёсцы Прусы Слуцкага павета Мінскай губерні ў сялянскай сям’і.
Пасля сямігодкі паступіў у Мінскі белпедтэхнікум, дзе сярод яго аднакурснікаў былі Пятро Глебка і Сяргей Дарожны. Усе, хто спрабаваў пісаць, сталі ўзорнай студыяй «Маладняка», якой кіраваў Міхась Зарэцкі. А вясной 1925 Лужанін быў прыняты кандыдатам у літаб’яднанне «Маладняк». На пасяджэннях «Маладняка» ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай — паэткай Яўгеніяй Пфляўмбаўм.
У 1928 – 1930 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ. Потым працаваў у рэдакцыі часопіса «Узвышша», на Беларускім радыё.
У 1933 г. быў арыштаваны і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі (рэабілітаваны ў 1956 г.). Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобласці. За ім у Сібір паехала жонка Яўгенія. Пасля вызвалення, у 1935—1941 гг., працаваў у Галоўнай рэдакцыі літаратуры па машынабудаванні ў Маскве.
На пачатку вайны прызваны ў армію і пасля заканчэння Падольскага пяхотнага вучылішча ўдзельнічаў у баях пад Сталінградам.
Дэмабілізаваўшыся з арміі, спачатку працаваў у газеце «Звязда», часопісе «Вожык», а потым рэферэнтам у АН БССР. Гэты перыяд жыцця вельмі цесна звязаны з Якубам Коласам, асабістым сакратаром якога па сутнасці і з’яўляўся Лужанін.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, Айчыннай вайны ІІ ступені і медалямі. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Якуба Коласа за кнігу «Колас расказвае пра сябе».
Першы верш апублікаваў у 1925 г. у часопісе «Чырвоны сцяг». Аўтар кніг вершаў і паэм «Крокі», «Новая ростань», «Неаплачаны рахунак», «Аднагалосна», «Галасуе вясна за вясну», «Першамайская вуліца», «Галасы гарадоў», «Шырокае поле вайны», «Поступ», «Святло Радзімы», «Моваю сэрца» і інш.
Працаваў таксама і ў галіне прозы, крытыкі, публіцыстыкі. Выйшлі кнігі «Вачыма часу», «Колас расказвае пра сябе», «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», «Рэпартаж з рубцом на сэрцы» і інш.
Аўтар сцэнарыяў мастацкага фільма па п’есе Янкі Купалы «Паўлінка» і дакументальнага — «Народны паэт», з Аркадзем Куляшовым напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Першыя выпрабаванні», «Запомнім гэты дзень». Самому Лужаніну прысвечаны дакументальны фільм «Незавершаная хата».
Бібліятэка каледжа