6 ліпеня дзень народзінаў Пятра Глебкі – беларускага паэта, драматурга, перакладчыка, грамадскага дзеяча.
Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя складаецца з неверагодна розных лёсаў. Адны з іх трагічна абарваныя рэпрэсіямі ці вайной, другія – адзначаны высокімі пасадамі і ўзнагародамі, стосам выдадзеных твораў.
Пятро Глебка ніколі не быў арыштаваны, не зведаў горыч ссылкі. Ён быў з тых, каго ўзнагароджвалі ордэнамі і медалямі. Ён сябраваў з Кузьмой Чорным, быў вучнем Янкі Купалы і часта атрымліваў кнігі ў падарунак ад Кандрата Крапівы.
Пятро Глебка нарадзіўся 6 ліпеня 1905 года ў вёсцы Вялікая Уса на Узденшчыне, у шматдзетнай сялянскай сям’і. Акрамя царкоўнапрыходскай школы і вышэйшага пачатковага вучылішча хлопец скончыў Уздзенскую сямігодку. Яшчэ ў школе Пятро спрабаваў пісаць вершы, якія змяшчаліся ў школьным часопісе “Вір”. Затым Глебка паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум імя Усевалада Ігнатоўскага. Сярод выкладчыкаў былі Якуб Колас і Язэп Лёсік.
У 1925 годзе паэтычныя публікацыі юнака з’явіліся на старонках часопісаў “Малады араты”, “Беларускі піянер” і газет “Беларуская вёска”, “Савецкая Беларусь”. Выходзіць першая кніга паэта “Шыпшына” – паэтычны зборнік лірычнай паэзіі.
У 1930 годзе Глебка скончы ў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ. Пасля ўніверсітэта Пятро некаторы час працаваў загадчыкам літаддзела ў газеце “Калгаснік Беларусі” і ў часопісе “Полымя рэвалюцыі”.
На другім курсе педтэхнікума юнак знаёміцца з Нінай Бялькевіч, якая вучылася там жа, толькі на першым курсе. Каханне было ўзаемным, нягледзячы на тое, што маці Ніны была супраць гэтага шлюбу. Маладыя распісаліся. У доме Бялькевічаў была сапраўдная творчая атмасфера. Часта там бывалі Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Кузьма Чорны.
У 1934 годзе Пятра Глебку прымаюць у толькі што створаны Саюз пісьменнікаў БССР. Там ён працуе кансультантам па паэзіі, таксама вылучаецца дэлегатам на першыя з’езды пісьменнікаў БССР і СССР.
У 1930-я гады свет убачылі кнігі Пятра Глебкі “Урачыстыя дні”, “Хада падзей”, “Арка над акіянам”, “Арлянка”, “Чатыры вятры” і “Мужнасць”.
1937 год… Разгар рэпрэсій. Расстраляныя, закатаваныя, сасланыя лепшыя прадстаўнікі айчыннай інтэлігенцыі. Няма больш “Узвышша” і “Полымя”. Глебка, Броўка і Крапіва пазбегнулі арышту.
Пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пятру Фёдаравічу прыйшлося пакінуць Мінск. Пачалося жыццё ва эвакуацыі. Паэт працуе ў рэдакцыях франтавых газет «Красноармейская правда», “За Савецкую Беларусь” і “За свободную Беларусь”.
Ніна Іларыёнаўна Глебка, любімая жонка, засталася ў акупіраваным Мінску. Пачынае супрацоўнічаць з Мінскім падполлем і партызанамі. У час вайны Ніна Глебка выхоўвала выратаваную з гета шасцігадовую яўрэйскую дзяўчынку, якую яна ахрысціла ў праваслаўе, каб адвесці небяспеку.
Сярод лепшых вершаваных твораў пісьменніка ваеннага часу – вершы “Партызаны”, “Дзень вайны”, “Мы вернемся”, якія друкаваліся ў сатырычнай газеце-плакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну” і ў “Партызанскай дубінцы”. Лірыка Пятра Глебкі ваеннага часу лічыцца вяршыняй яго літаратурнай працы.
Пасля вайны пісьменнік актыўна ўключыўся ў грамадскае і культурнае жыццё краіны, працягваў літаратурную дзейнасць: пісаў вершы, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя артыкулы, займаўся перакладамі на беларускую мову твораў класікаў рускай, украінскай, польскай, англійскай.
У 1945 годзе Глебка працуе ў Акадэміі навук БССР, у Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва, а ў 1956 годзе становіцца на чале Інстытута мовазнаўства.
Акрамя літаратурнай і навуковай дзейнасці Глебка вёў шырокую грамадска-культурную справу. Неаднаразова яго абіралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. У складзе беларускай дэлегацыі паэт чатыры разы прымаў удзел у рабоце сесій Генеральнай Асамблеі ААН.
Пятро Глебка быў узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, “Знакам Пашаны”, медалямі і граматамі.
У народзе казалі: «Звярніся да Глебкі, і ён дапаможа». У архіве пісьменніка захоўваецца шмат лістоў з просьбамі пазычыць грошай, уладкаваць на працу блізкага чалавека дый пра шмат што іншае.
Пятро Глебка памёр 18 снежня 1969 года. Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску. На доме, дзе ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. Яго імя носіць адна з вуліц Мінска і Літвянская школа ва Уздзенскім раёне.
Бібліятэка каледжа