«Паклон з дарогі, паклон з далёкай
Чужым і блізкім – паклон, паклон…»
Паэт нарадзіўся ў вёсцы Цітва Ігуменскага павета ў сям’і селяніна-парабка. Сям’я была шматдзетнай – дзевяць дзяцей. Звыклы да цяжкай працы, Уладзімір з 12 гадоў стаў парабкам. З ранняга дзяцінства ў хлопчыку прачнулася цяга да вучобы і ведаў. Яшчэ да школы ён зацікавіўся кнігамі, а калі стаў вучнем, сабраў невялічкую бібліятэку. Вучыцца даводзілася зімамі, калі не было столькі працы, але ўсё ж хлопец скончыў Дудзіцкую пачатковую школу, а ў 1923 г. – агульнаадукацыйныя курсы ў Мінску. Вярнуўшыся з вучобы, працаваў настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Асака Дудзіцкага сельсавета.
У 1925 г. удзельнічаў у першым з’ездзе літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. Першыя яго вершы “Пуціна срэбная, сінь бору мудрая…”, “Па вясновым торам” былі надрукаваны ў часопісе “Чырвоны сейбіт”. Першы зборнік аўтара “Суніцы” выйшаў у серыі “Кніжніца «Маладняка»” у 1926г. Пасля выхаду кнігі афіцыйная крытыка ўшчувала паэта за “нацыяналістычныя настроі”.
У пачатку сакавіка 1927 г. у час перарэгістрацыі “Маладняка” У. Хадыка атрымліваў членскі білет № 22 у ваеннай форме: у той час ён служыў у Чырвонай Арміі у Навазыбкаве на Браншчыне.
Перасяліўшыся ў Мінск у 1928 г., Хадыка меў намер паступіць у БДУ, аднак яго не дапусцілі да ўступных іспытаў, бо не хапала належнай падрыхтоўкі. З 1929 г. працаваў сакратаром часопіса “Полымя”.
У 1930-я гг. жыў з літаратурнай працы, быў адным з арганізатараў нефармальнай суполкі ТАВІЗ – “Таварыства аматараў выпіць і закусіць”, якое дзейнічала ў гэтыя гады сярод беларускіх пісьменнікаў. Насамрэч, акцэнт рабіўся на нефармальнасць згуртавання, непадкантрольнасць палітызаванаму літаратурнаму афіцыёзу.
У 1931 г. за ўдзел у ТАВІЗе Хадыка быў выключаны з БелАПП, пра што сведчыла хроніка ў часопісе “Маладняк”. З 1934 г. – член Саюза пісьменнікаў БССР.
Да часу свайго зняволення Хадыка паспеў выдаць толькі тры кнігі паэзіі: “Суніцы” (1926), “Выбраныя вершы” (1932), “Радасны будзень” (1935). У Маскве рыхтаваўся зборнік яго вершаў на рускай мове, але па прычыне адмоўнага водгуку кніга не выйшла.
26 лістапада 1936 г паэта арыштавалі, а ў 1937 г. асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі і на 5 гадоў – грамадзянскіх праў. Яго накіроўваюць спачатку ў лагер Нова-Іванаўка Кемераўскай вобласці, а пасля пераводзяць на каменаломні ў Навасібірскую вобласць. Паводле ўспамінаў іншых літаратараў-катаржнікаў С. Шушкевіча і М. Сяднёва, Хадыка працягваў пісаць і ў зняволенні, занатоўваў вершы на паперы для курэння, а потым зашываў у каўнер кажуха.
Загінуў паэт 1 ліпеня 1940 г., расціснуты каменнай глыбай у вапняковым кар’еры. Жорстка абышоўся лёс і з сям’ёй Хадыкі. Пасля зняволення паэта яго старэнькая маці, батрачка, і жонка Фаіна з маленькім сынам на руках засталіся бяздомнымі. У час Вялікай Айчыннай вайны Фаіна была расстраляна, а сямігадовы Уладзік загінуў у лагеры Трасцянец.
Пасля смерці паэта выходзілі зборнікі яго выбраных твораў. Першы ўбачыў свет у 1959 г., другі зборнік выйшаў у серыі “Бібліятэка беларускай паэзіі” ў 1969 г. Самае апошняе, найбольш поўнае выданне твораў паэта “На ўзвеях дзён” выйшла ў 1986 г.
Бiблiятэка каледжа