4 жніўня - дзень народзінаў Янкі Брыля – беларускага пісьменніка, перакладчыка, публіцыста, народнага пісьменніка БССР.
Янка Брыль нарадзіўся ў Адэсе ў сям’і чыгуначніка. У 1922 г. разам з бацькамі вярнуўся на радзіму бацькоў, у вёску Загор’е на Навагрудчыне. У 1931 г. скончыў польскую сямігодку і паступіў у Навагрудскую гімназію, але праз матэрыяльныя цяжкасці вучыцца не змог. Працаваў па гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У 1939 г. быў прызваны ў Войска Польскае, служыў у марской пяхоце.
З пачаткам Другой сусветнай вайны удзельнічаў у абарончых баях супраць гітлераўскіх акупантаў. У верасні 1939 г. пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, восенню 1941 г. уцёк з няволі на радзіму і стаў удзельнікам партызанскага руху. З кастрычніка 1942 г. — сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, з 1944 г. — разведчык партызанскай брыгады «Камсамолец».
Рэдагаваў газету «Сцяг свабоды» Мірскага падпольнага райкама партыі і сатырычны лісток «Партызанскае жыгала». Пасля вызвалення Беларусі працаваў рэдактарам раённай газеты ў г.п. Мір, быў літаратурным супрацоўнікам газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» (з кастрычніка 1944 г.), загадваў аддзелам рэдакцыі часопіса «Вожык». У розныя гады быў намеснікам рэдактара часопісаў «Маладосць» і «Полымя», працаваў рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1966—1971 гг. — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.
У друку выступіў з вершамі ў 1938 г. Аўтар аповесцей «Сірочы хлеб», «У Забалоцці днее», «На Быстранцы», «Апошняя сустрэча», «Ніжнія Байдуны», «Золак, убачаны здалёк», «Муштук і папка». Выйшлі кнігі прозы Я. Брыля «Апавяданні», «Нёманскія казакі», «Вераснёвая рунь», «Зялёная школа», «У Забалоцці днее», «На Быстранцы», «Надпіс на зрубе», «І смех, і бяда», «Працяг размовы», «Птушкі і гнёзды», «Ты жывеш», «Акраец хлеба», «Гуртавое» «Ад сяўбы да жніва» і інш.
У суаўтарстве з А. Адамовічам і У. Калеснікам напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі…». Выдаў кнігі артыкулаў і нататак «Роздум і слова», «Трохі пра вечнае».
Выйшлі з друку зборнікі лірычных запісаў і мініяцюр «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Сёння і памяць», «На сцежцы — дзеці», «Пробліскі», «Пішу як жыву», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», «Сцежкі, дарогі, прастор», «З людзьмі і сам-насам», «Блакітны зніч», «Парастак».
Дзецям адрасаваў кнігі «Ліпка і клёнік», «Зялёная школа», «Светлае ранне», «Пачатак сталасці», «Жыў-быў вожык», «Сняжок і Волечка», «Цуды ў хаціне».
Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага савета БССР (1963—1967, 1980—1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Канада» (1967—1990).
Пераклаў творы Э. Ажэшкі, Б. Пруса, М. Канапніцкай, Я. Івашкевіча, Л. Талстога, А. Чэхава, У. Караленкі, К. Паўстоўскага, А. Вішні, А. Даўжэнкі, В. Казачэнкі і інш.
Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны ІІ ступені, Дружбы народаў, Знак Пашаны, медалём Ф. Скарыны і інш. Імем Я. Брыля названы вуліцы ў Мінску і Гдыні (Польшча), у 2008 г. у гонар народнага пісьменніка адкрыта мемарыяльная дошка на доме № 78 па праспекце Машэрава.
Бібліятэка каледжа